Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

Размер шрифта:    
Цветовая схема:           
Изображения:

Год малой родины: Да малой радзімы – з любоўю!

Тэма малой радзімы знаходзіць шырокі водгук у сэрцах людзей. Чалавек заўсёды зверне ўвагу і праявіць асаблівую цікавасць, пачуўшы назву роднага горада або вёскі, вуліцы. Таму што немагчыма быць абыякавым да тых мясцін, дзе нарадзіўся, жыў, спазнаў нешта новае. Малая радзіма займае асаблівае месца ў сэрцы Леаніда Сцяпанавіча Журкевіча – ветэрана беларускай энергасістэмы, дырэктара Гродзенскіх цеплавых сетак у 1981 – 2001 гг., актыўнага ўдзельніка калектыву мастацкай самадзейнасці “Весялуха энергетычная”.

“Малая радзіма – гэта месца, якое чалавек ніколі не зможа забыць, і куды заўсёды захоча вярнуцца, – лічыць Леанід Сцяпанавіч. – Гэта тое месца, дзе з табой адбываліся цікавыя падзеі, дзе жылі і жывуць самыя дарагія табе людзі, дзе здараюцца важныя, а часам і лёсавызначальныя знаёмствы.

Ці можа быць некалькі такіх месцаў? Вядома! Бо ў кожным перыядзе жыцця ёсць важныя падзеі, якія асацыююцца з той кропкай зямнога шара, дзе яны адбыліся. Дзяцінства, сям'я, дом, школа, універсітэт, праца... Малая радзіма – гэта і ёсць жыццё чалавека”.

Леанід Сцяпанавіч нарадзіўся 24 верасня 1936 г. у вёсцы Раневічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Вёска размешчана ў двух кіламетрах ад горада Свіслач. На поўдні Свіслацкага раёна знаходзіцца палова Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” з векавым дубовым лесам.

“Наша мясцовасць да 1939 г. уваходзіла ў склад Польшчы, – распавёў Леанід Сцяпанавіч. – Гродзенская губерня яшчэ з сакавіка 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора адышла да Польшчы. Неафіцыйна мы называліся “Заходняя Беларусь”, а польскія ўлады называлі нас “крэсы всходне” – усходнія ўскраіны”.

Сёння моладзь Свіслачы і найбліжэйшых вёсак вучыцца ў новым будынку школы. Гімназія імя К. Каліноўскага, якую яшчэ ў 1805 г. на свае сродкі заснаваў Вінцэнт Тышкевіч (сын Казіміра Тышкевіча – генерала літоўскіх войскаў і гаспадара Свіслаччыны ў сярэдзіне 18 стагоддзя), была першай свецкай школай на тэрыторыі Беларусі, у сценах якой у розны час вучыліся Кастусь Каліноўскі, Напалеон Орда і іншыя, чые імёны ўвайшлі ў беларускую гісторыю. Яна амаль цалкам была разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Толькі ў адным з адноўленых у 1944 г. будынку гімназіі была размешчана сярэдняя школа.

У 1945 г. у першы клас гэтай школы пайшоў вучыцца і Леанід Сцяпанавіч Журкевіч. Ветэран энергетыкі ўспамінае, як «у 1944 г., пасля вызвалення Свіслачы, жыхары пачалі аднаўляць адзін больш-менш ацалелы корпус гімназіі (усяго іх было тры). У нашым класе вучыліся дзеці рознага ўзросту – ад 7 да 12 гадоў. Сем гадоў мы вучыліся ў старым будынку, а ў 1951 г. пабудавалі новы, куды перавялі старэйшыя класы. Сёння яе пераўтварылі ў дзіцячую школу мастацтваў, а для навучання дзяцей пабудавалі дзве новыя школы».

З асаблівай цеплынёй Леанід Сцяпанавіч успамінае сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў.

“Малая радзіма запамінаецца таксама прыродай”, – кажа ветэран энергетыкі. Мясцовасць, дзе ён нарадзіўся і вырас, вельмі прыгожая. На рэчцы Свіслач, па берагах якой расла светлая вольха, прайшлі яго дзіцячыя гады, дзе хлопцы купаліся, лавілі рыбу і ракаў, мылі коней пагранічнага атрада.

На рэчцы пагранічнікі зрабілі запруду. І сумесна з калгасам на возеры пабудавалі невялікую гідраэлектрастанцыю, электраэнергіі ад якой было дастаткова на асвятленне дамоў бліжэйшых вёсак і пагранатрада ў вячэрні час.

Дзяцей у вёсцы было многа. Амаль кожная сям'я выхоўвала пяцёра і больш дзяцей. Некаторыя з іх так і засталіся жыць у роднай вёсцы, таму яна з гадамі павялічылася: да сарака дамоў было дабудавана прыкладна яшчэ дваццаць. Але жыхароў, на жаль, стала менш.

Бацькі Леаніда Сцяпанавіча былі мясцовыя, з Раневічаў. Шасцёра дзяцей дапамагала выхоўваць бабуля, якая была па тым часе досыць адукаваная і вучыла ўнукаў чытаць і пісаць.

26 чэрвеня 1941 г. горад і наваколлі Свіслачы былі захоплены нямецкай арміяй. “У 1944 г. бацька пайшоў на фронт, і дайшоў да самага Кенігсберга! – з гонарам успамінае Леанід Сцяпанавіч. – Быў двойчы паранены. За тое, што вынес з поля бою 26 параненых салдат у адным баі, яго ўзнагародзілі Ордэнам Чырвонай Зоркі. Успамінаць пра вайну бацька не любіў, толькі казаў: “На вайне, як на вайне”.

У сям'і была вялікая гаспадарка (конь, карова, авечкі, свінні, гусі, куры) і 7 гектараў зямлі. Таму працаваць даводзілася многа і цяжка. Дом, у якім вырас Леанід Сцяпанавіч, бацька пабудаваў у 1951 г. на суседнім участку са старым домам. У 15 гадоў юны Леанід разам са старэйшай сястрой з дапамогай спецыяльнага станка нават зрабіў чарапіцу для даху з цэментава-пясчанай сумесі.

У бацькоўскі дом, побач з якім і сёння расце вялікі прыгожы сад з яблынямі і грушамі, Леанід Сцяпанавіч прыязджае часта. Участак заўсёды ёсць каму даглядаць. У суседняй вёсцы з Раневічамі жыла сястра Валянціна. А ў Свіслачы жыве сястра Ніна.

Другія родныя Леаніда Сцяпанавіча жывуць у іншых кутках Гродзеншчыны. Сястра Зіна пераехала з мужам у вёску Залессе Смаргонскага раёна, якая знакаміта сваім Палацава-паркавым ансамблем і музеем вядомага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага. Сястра Ларыса жыве ў вёсцы Азёры Гродзенскага раёна. Толькі брат Анатоль з'ехаў далёка – у Маскву.

Выпускнік школы Журкевіч адзіны ў класе абраў для сябе прэстыжную прафесію энергетыка. Першая ў вёсцы электрастанцыя, лінія электраперадачы, яркае святло лямпачак – усё гэта настолькі ўразіла хлопца, што ён, не задумваючыся, зрабіў свой выбар і ў 1955 г. паспяхова паступіў на энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута на спецыяльнасць “Электрычныя станцыі, сеткі і сістэмы”, пераадолеўшы конкурс 5 чалавек на месца.

Пяць гадоў студэнцкага жыцця Леанід Сцяпанавіч успамінае з асаблівым трапятаннем і лічыць горад Мінск сваёй другой радзімай, бо там прайшла яго залатая маладосць. Вось ужо на працягу 50-ці гадоў шануе асаблівую традыцыю сустрэчы з аднакурснікамі, дзе за дружным сталом успамінаюць гады вучобы, выкладчыкаў, вытворчыя практыкі на Брэсцкай ЦЭЦ, электрастанцыях у Калінінградскай вобласці і ў горадзе Кірава-Чапецку, гавораць пра жыццё і пра энергетыку. Л.С. Журкевіч не адзіны з аднакурснікаў, хто за сваё жыццё зрабіў многае для беларускай энергетыкі. Да прыкладу, яго аднагрупнікі Герасімаў Валянцін Васільевіч быў міністрам энергетыкі Рэспублікі Беларусь у 1992 – 1997 гг., а ў 1997 – 2000 гг. кіраваў канцэрнам “Белэнерга”, Дарафейчык Аляксандр Мікалаевіч быў галоўным інжынерам РУП “Гроднаэнерга” ў 1988 – 2002 гг., Кунцэвіч Станіслаў Уладзіміравіч кіраваў ААТ “Захадэлектрасеткабуд” у 1982 – 2003 гг.

На студэнцкіх канікулах Леанід Сцяпанавіч абавязкова ездзіў у родную вёску і хадзіў працаваць у калгас.

“Пасля заканчэння інстытута ў 1960 г. пачаў працоўную дзейнасць інжынерам, а затым дзяжурным інжынерам на Бярозаўскай ГРЭС, – распавядае Леанід Сцяпанавіч. – Спачатку прыйшлося паездзіць па ўсім Савецкім Саюзе на падобныя электрастанцыі, каб набрацца вопыту. Я быў на электрастанцыях у Жодзіне, потым на ЦЭЦ у Азербайджане, на Украіне ў Харкаўскай вобласці,  у Краснаярску на Назараўскай ГРЭС. Асабліва тыя камандзіроўкі запомніліся атрыманым вопытам эксплуатацыі, цікавымі знаёмствамі з іншымі энергетыкамі, прыгожай прыродай вялікай краіны СССР».

Працуючы кіраўніком службы перспектыўнага развіцця РЭУ “Гроднаэнерга” з 1965 па 1981 год, Леанід Сцяпанавіч прымаў актыўны ўдзел у пашырэнні і рэканструкцыі Лідскай ЦЭЦ, будаўніцтве і рэканструкцыі электрасетак Гродзенскай вобласці, уключаючы вытворчыя базы і жыллё для персаналу. Пры яго ўдзеле ў распрацоўцы праектаў па электрыфікацыі населеных пунктаў з колькасцю двароў 10 і больш гэтая праблема была вырашана ў 1967 г., а да 1970 г. – і для н.п. з колькасцю двароў 10 і менш. З 1971 г. пачалася распрацоўка праектаў, будаўніцтва і рэканструкцыя электрасетак 10 – 0,4 кВ ва ўсіх 17 раёнах вобласці з улікам аўтаматызацыі сетак 10 кВ і прымянення пры будаўніцтве жалезабетонных апор.

Шмат працы ўкладзена Леанідам Сцяпанавічам у распрацоўку праектаў ПЛ-330 кВ Алітус-Гродна і ПС 330 кВ “Гродна” ў раёне н.п. Гожа, вялікай колькасці ПЛ-110 кВ і падстанцый ва ўсіх раёнах вобласці, ПЛ-330 кВ Маладзечна-Ліда і ПС 330 кВ “Ліда”. Па праектах, распрацаваных з яго ўдзелам, пабудаваны вытворчыя базы прадпрыемстваў і раёнаў электрасетак вобласці.

У 1981 г. яго пераводзяць на пасаду дырэктара Гродзенскага прадпрыемства цеплавых сетак, дзе вельмі ярка праявіліся яго выдатныя прафесійныя якасці і талент кіраўніка. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам скончыўся ўвод 3-яй чаргі Паўночнай кацельні, на Лідскай ЦЭЦ уведзены аб'екты 4-ай чаргі, будаваліся цеплавыя сеткі ў гарадах Гродна і Ліда. У 1993 г. быў пабудаваны дыспетчарскі пункт Гродзенскіх ЦС, адміністрацыйны будынак упраўлення, а ў маі 2001 г. на Паўночнай кацельні быў уведзены ў эксплуатацыю турбагенератар магутнасцю 3,5 МВт. Леанід Сцяпанавіч многа сіл і энергіі ўклаў у практыку прымянення папярэднеізаляваных труб пры рэканструкцыі цепламагістраляў.

“Што змог зрабіць для роднай Свіслаччыны? – задаецца пытаннем Л.С. Журкевіч. – Дапамог з будаўніцтвам падстанцыі 110 кВ і паветранай лініі 110 кВ. У раёне былі заменены ўсе электрасеткі і апоры. А ў Свіслачы была пабудавана база раёна электрычных сетак”.

Падтрымлівае і дапамагае Леаніда Сцяпанавіча вось ужо 55 гадоў яго жонка Марыя Сцяпанаўна, з якой ён пазнаёміўся на малой радзіме, у Раневічах. Вялікае вяселле згулялі там жа. Муж і жонка ганарацца поспехамі сына Юрыя, дачкі Алены і ўнучкі Арыны. Юрый займаецца творчым бізнесам: вырабляе рэчы са скуры. Алена 22 гады працуе архітэктарам у праектным упраўленні ААТ "Гроднажылбуд". А ўнучка Арына заканчвае ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Турызм і гасцінічная гаспадарка”.

Дружная сям'я жыве ў Гродне. Летам адпачываюць на дачы, а восенню ходзяць па грыбы. Садоўніцтва – адно з любімых заняткаў Леаніда Сцяпанавіча. На дачы ў яго расце вінаград, чорная парэчка, клубніцы, грэцкі арэх і фундук, яблыні і шмат кветак і гародніны. Нават ёсць груша, якой ужо 30 гадоў, і яна прышчэплена ад грушы з яго роднага саду ў Раневічах!

Вось ужо 15 гадоў Леанід Сцяпанавіч Журкевіч удзельнічае ў хоры ветэранаў-энергетыкаў “Весялуха энергетычная” і шкадуе толькі аб тым, што (узята з яго любімай песні) «годы, ну зачем вы так быстро летите? Годы, не спешите чуть-чуть подождите. Годы, знаю, что мне моложе не стать, но подскажите хотя бы, как вас задержать?». І здаецца, што ён гэтую праблему для сябе паспяхова вырашае з “Весялухай энергетычнай”, застаючыся маладым душой.

Ірына Вініцкая, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю