Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

Размер шрифта:    
Цветовая схема:           
Изображения:

Бліскучы талент. Ансамблю «Бліскавіца» – 40 гадоў

Не дарэмна кажуць: той, хто добра працуе, добра і адпачывае. Магчыма, таму энергетыкі і любяць бавіць рэдкі вольны час сам-насам з творчасцю, якая становіцца светлым промнем у жыцці і разрадкай пасля цяжкага працоўнага тыдня.

Таму не дзіва, што творчыя традыцыі энергетыкаў неверагодна моцныя, і сапраўднай душой усёй галіны, а не толькі філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга», на базе якога ён быў заснаваны, стаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь – ансамбль народнай песні «Бліскавіца». І хаця ўспышкі бліскавіцы звычайна бываюць імгеннымі, гэта «Бліскавіца» асвячае сэрцы энергетыкаў ужо на працягу 40 гадоў. І далёка не адзінкавыя ліхтарыкі таленту: праз калектыў ужо прайшлі больш за 150 апантаных творчасцю людзей.

[title]

ВЫТОКІ ДУШЫ

А распачыналася ўсё ў 1979 г., калі былы дырэктар філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга» Аляксандр СІПОВІЧ, энтузіяст энергетыкі і творчасці, арганізаваў на базе прадпрыемства калектыў мастацкай самадзейнасці. Цягам 28 гадоў ён быў мастацкім кіраўніком «Бліскавіцы», і яскравым вянцом яго кіраўніцтва стала прысуджэнне калектыву ганаровага звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» – прызнанне найвышэйшай ступені майстэрства для аматараў. Ансамбль энергетыкаў стаў першым у Гродзенскай вобласці, што дасягнуў такой вышыні, і ў гэтым прынцыповая заслуга Аляксандра Купрыянавіча і яго аднадумцаў і паслядоўнікаў.

Адна з іх – Зоя ДЗМІТРУК, былая загадчыца аддзела кадраў і салістка ансамбля. Разам з дырэктарам яны паклалі ў аснову ансамбля канцэпцыю, якая выхавала характар калектыва, з якім ён існуе і дагэтуль: вытокі нашай душы – у народнай беларускай песні. Зараз у ансамблі налічваецца больш за 50 чалавек: жаночая і мужчынская вакальныя групы, аркестр з 10 музыкаў і штат кіраўнікоў.

Калектыў «Бліскавіцы» змяняецца – на прадпрыемства прыходзяць новыя творчыя людзі, дзяўчаты робяць часовы перапынак на догляд дзетак, а нехта мяняе месца працы. Напрыклад, адзін з былых салістаў Пётр РАКУЦЬ зараз спявае ў Гродзенскай абласной філармоніі. Але ў першую чаргу «Бліскавіца» – гэта прафесйныя энергетыкі.

МАСТАЦКІЯ МАЗАЛІ

Пра гэта падчас размовы заўсёды нагадвае былая ўдзельніца калектыву, а зараз – сапраўдны арганізацыйны мозг «Бліскавіцы» і загадчык аддзела кадраў Гродзенскіх электрычных сетак Жанна МАЦЯШ.

Яна знаёма з ансамблем амаль 30 гадоў, таму ведае яго дасканала. «У складзе нашага калектыва ёсць манцёры, аператары, кіроўцы, інжынеры і нават начальнік падстанцыі, – расказвае Жанна Уладзіміраўна. – Яны займаюцца творчасцю ў вольны ад асноўнай працы час, таму гэта накладае пэўны адбітак на арганізацыю работы нашага ансамбля. Рэпетыцыі ладзяцца два разы на тыдзень, і дзеля гэтага людзей даводзіцца збіраць з розных падраздзяленняў. Не часта атрымоўваецца сабрацца ў адзін час поўным саставам: напрыклад, у нас хапае шматдзетных бацькоў, першасны абавязак якіх – выхоўваць дзяцей. Але мы заўсёды працавалі ў такіх умовах, таму звыкліся з імі. Галоўнае – не зніжаць планку майстэрства, якой мы прытрымліваемся ўжо шмат гадоў».

Каб дапамагчы агульнай працы развіцца ў яшчэ больш прывабную кветку, працуе ці не кожны ў філіяле. Тут можна не толькі спяваць ці танчыць, але і дапамагаць сваімі здольнасцямі арганізатара, як Жанна Мацяш, ці стаць пазаштатным «дызайнерам» ансамбля, як Артур СВЯКЛО, начальнік аддзела АСК, які дапамагае «Бліскавіцы» з праграмкамі, афішамі і фотаздымкамі.

Скрозь усю дзейнасць калектыву чырвонай лініяй ідзе і падтрымка кіраўніцтва на ўсіх узроўнях (гэтаксама, як і для астатніх творчых калектываў РУП-аблэнерга). Калі ансамблю патрэбен транспарт ці арганізацыя выезда на конкурс, пытанняў не ўзнікае. Сёлета, у юбілейны год РУП «Гроднаэнерга», набылі новую гука-апаратуру – так ансамбль стаў гучаць яшчэ больш якасна.

[title] [title] [title]

ТРЫ НАТАЛЛІ

Але насамрэч якасць заўсёды была сінонімам «Бліскавіцы» – пра гэта кажуць не толькі аматары калектыву, але і майстры. «Калі б мы кожны дзень рэпетыравалі па 3–4 гадзіны, як прафесійныя артысты, ансамбль ужо быў бы прафесійным. Некаторыя ўдзельнікі маюць музыкальную адукацыю і здольныя чытаць ноты, што значна спрашчае работу», – упэўнена мастацкі кіраўнік калектыву Наталля МІХНЕВІЧ. Яна, хармейстар Наталля ВІКУННЯ-АРРЫЕТТА і балетмайстар Наталля ПАРАХНЕВІЧ – творчая аснова ансамбля, у калектыве іх называюць тандэмам «Тры Наталлі», маючы на ўвазе, што менавіта яны стварылі сучасны вобраз «Бліскавіцы».

Кожная з іх бясконца паліруе мастацкую выразнасць ансамбля: Наталля Вікуння-Аррыетта даводзіць да ідэала гучанне кожнай ноты ў адным з самых моцных і паўнавартасных хораў у Беларусі, Наталля Парахневіч адточвае рухі кожнага з удзельнікаў на сцэне, а Наталля Міхневіч паліруе вобраз, каб ён заблішчаў гэтаксама, як і назва калектыва. Адметна, што ўсе выступы «Бліскавіцы» суправаджаюцца жывым гукам: у складзе ансамбля ёсць аркестр (цымбалы, ударныя музычныя інструменты, скрыпка).

«Як кіраўнікі мы імкнёмся знаходзіць падыход да кожнага ўдзельніка і ўлічваць, што людзі ўжо адпрацавалі цэлы дзень і, магчыма, прыходзяць на рэпетыцыю не толькі выявіць сваю творчасць, але і адпачыць, – заўважае Наталля Міхневіч. – Наша мэта – раскрыць іх патэнцыял. Зараз нам важна не разгубіць тое, што было створана ў далёкія 70-я гады, бо зараз харавы спеў – гэта глыток свежага паветра».

Рэпертуар мастацкія кіраўнікі падбіраюць проста: бяруць тыя песні, якія кранаюць за душу. У асноўным гэта прафесійныя ці аматарскія апрацоўкі беларускіх народных песень для хора, аўтарскія творы (напрыклад, Леаніда ЗАХЛЕЎНАГА), гродзенскіх паэтаў-песеннікаў. Галоўнае патрабаванне – рэпертуар павінен падабацца слухачу і адпавядаць творчаму ўзроўню калектыва.

«Бліскавіца» часта знаходзіць новыя творы: напрыклад, падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага агляду-конкурсу праграма абнаўляецца поўнасцю. Гэта не самы просты, але дзейны спосаб паказаць, чаго варты калектыў. Таму цяжка назваць адзіную «разыначку» калектыву: некаторы час гэта была харэаграфічная пастаноўка «Залатыя каласы» гродзенскага кампазітара Яўгена ПЕТРАШЭВІЧА, зараз – ужо сёлетнія творы.

Так калектыў і рушыць наперад: змянілі валошкавыя касцюмы на больш яскравыя чырвоныя, упершыню ўзялі ўдзел і перамаглі ў завочным Міжнародным конкурсе калектываў народнага харавога спеву, распрацавалі новыя нумары і ўпэўнены: «Бліскавіца» пакінула след у жыцці кожнага яе прыхільніка.

29 лістапада 2019 года/ Лілія ГАЙДАРЖЫ/ газета «Энергетика Беларуси»