Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

Размер шрифта:    
Цветовая схема:           
Изображения:

Беражліва захоўваем памяць

У кожнага раёна Гродзенскай вобласці свая гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Яе захоўваюць мясцовыя музеі, помнікі і воінскія могілкі, архівы і ўспаміны ветэранаў.

Работнікі філіяла “Аграфірма “Стары Дворац” РУП “Гроднаэнерга” ніколі не забывалі аб трагічных падзеях той доўгай і цяжкай вайны і гераічна загінуўшых земляках, яны і сёння з павагай і шанаваннем ставяцца да ветэранаў вайны.

Варта адзначыць, што амаль шэсцьдзесят гадоў аграфірма мела прыгожую сімвалічную назву “Перамога”. 16 красавіка 1945 года на сходзе жыхароў вёскі Стары Дворац было вырашана арганізаваць савецкую калектыўную на терыторыях, што належалі былому панскаму маёнтку. Гэта быў першы калгас у раёне. На сходзе яго назвалі “Перамога”, нягледзячы на тое, што да перамогі заставалася яшчэ 23 дні. Пад такой назвай калгас існаваў да 2003 года, да яго рэарганізацыі ў сельскагаспадарчы кааператыў СВК “Стары Дворац”.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў Старым Дворцы і навакольных вёсках

21 чэрвеня 1941 года. Як успамінаюць жыхары Старога Дворца, гэты дзень быў такі ж цёплы і сонечны, як і папярэднія дні. Пасля заходу сонца неба на захадзе было незвычайна барвова-чырвонае, і вогненыя зарніцы доўга трымаліся на палаючым небасхіле. У многіх дварах у той вечар страшна, па-воўчы, вылі сабакі, быццам прадчувалі, што ідзе бяда.

Першым аб'ектам на тэрыторыі Бераставіччыны, куды нямецкія самалёты нанеслі ўдар, быў ваенны аэрадром каля вёскі Кватары (знаходзіцца за 20 км ад Старога Дворца). На лётным полі стаялі савецкія самалёты і вяліся будаўнічыя работы, пачатыя ў 1940 годзе. У тую чэрвеньскую раніцу з розных населеных пунктаў раёна, у тым ліку і са Старога Дворца, Лявонавічаў, Вараноў, Калеснікаў, на аэрадром накіроўваліся павозкі з людзьмі на выкананне будаўнічых работ. Аляксандр Хілюта, удзельнік той будоўлі, распавядаў: “Выехалі мы ноччу. Каля шасці раніцы ў раёне аэрадрома пачуліся выбухі, мы ўбачылі агонь і дым. Былыя франтавікі палічылі, што гэта ваенныя вучэнні. Але хтосьці ўпэўнена сказаў: “Не, мужыкі, вучэнні такімі не бываюць. Гэта сапраўдная вайна!” І калона павярнула назад”.

Вось што распавядала Вера Шымаволас, жыхарка вёскі Каленікі (знаходіцца за 30 км ад Старога Дворца): “Мне было тады 13 гадоў. У нядзелю раніцай маці напякла дранікаў і мы, дзеці, хапалі іх з талеркі гарачымі. Бацька да таго часу ўжо паснедаў і сядзеў з мужыкамі на завалінцы дома. Палілі самасад і абмяркоўвалі міжнароднае становішча. Было каля дзевяці раніцы. Сонца падымалася і шчодра грэла сельскую вуліцу. Раптам загудзелі самалёты і раздаліся выбухі на аэрадроме ў Барысаўшчыне, на супрацьлеглым баку ад Кватарскага аэрадрома. Пачаўся паветраны бой: два савецкіх самалёты “схапіліся” з нямецкімі. Сілы былі далёка не роўнымі і нашыя падбітыя пачалі падаць, прыхапіўшы з сабой аднаго нямецкага з крыжамі на крылах”.

Цяжка ўспамінаў тыя страшныя дні і Міхаіл Данільчык, жыхар вёскі Лявонавічы, якая размешчана ў кіламетры ад вёскі Стары Дворац: “22 і 23 чэрвеня праз Стары Дворац ішлі войскі з Ваўкавыска ў бок Польшчы. У калоне былі танкі, кавалерыя, конная артылерыя. А на трэці дзень вайны такая ж калона ішла ў зваротным накірунку, толькі ўжо было шмат параненых. Насіліся над дарогай нямецкія самалёты. Калі я вяртаўся са Старога Дворца ў свае Лявонавічы, над галавой зароў самалёт і мяне накрыў яго цень. Здавалася, што ён пікіруе на мяне. У некалькіх метрах быў каменны млын. Толькі я паспеў там схавацца, як па металічным даху застукалі кулі, а недалёка разарваліся бомбы.

Праз тыдзень па дарозе праз Стары Дворац у бок Ваўкавыска ўжо пайшлі калоны немцаў на аўтамашынах, матацыклах, нават на роварах і пешшу. Адна частка, мабыць тылавая, спынілася і ў вёсцы. Усіх выгналі на вуліцу, мужчын прымусілі зняць шапкі: шукалі коратка стрыжаных – вайскоўцаў. У адным з хлявоў знайшлі трох чырвонаармейцаў, вывелі, пабілі прыкладамі і расстралялі. А праз два дні загадалі іх закапаць там жа, дзе яны і ляжалі. Пасля вайны іх перазахавалі ў брацкай магіле ў Старым Дворцы”.

Вызваленне Бераставіцкага раёна пачалося ў ліпені 1944 года

16 ліпеня 1944 года 856-ы стралковы полк 283-яй стралковай дывізіі з сямі раніцы пачаў баявое прасоўванне па маршруце “Трумпы – Стары Дворац – Каленікі – Пархімаўцы” і да 11-ці гадзін 17 ліпеня выйшаў на мяжу ракі Свіслач у раёне вёскі Дзіневічы. У той жа дзень 1020-ы стралковы полк 269-ай стралковай дывізіі выступіў па маршруце “Вярэйкі – Стары Дворац – Эймінаўцы – Вялікая Бераставіца” і выйшаў у раёне вёскі Непарожнеўцы таксама да ракі Свіслач.

За гады акупацыі ў Старым Дворцы і бліжэйшых вёсках: Старынцы, Эймінаўцы, Людвінава, Каленікі, Лявонавічы, Вараны – фашысты знішчылі 38 чалавек. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 129 землякоў, з іх 57 – загінулі ў баях пад Кёнігсбергам і Варшавай, пад Прагай і Берлінам. Вярнуліся ў свае сем'і, на родную зямлю 72 чалавекі. Баявымі ордэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны 46 удзельнікаў вайны.

Загінуўшыя заслужылі павагу і светлую памяць

Так лічаць работнікі аграфірмы “Стары Дворац”, якія шэфствуюць (займаюцца добраўпарадкаваннем і рамонтам) над двума помнікамі землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

На мемарыяльнай пліце аднаго з іх знаходзяцца прозвішчы 25 загінулых на фронце землякоў і надпіс “1941 – 1945 гг. Вечная памяць аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Помнік быў усталяваны ў 1968 годзе ў вёсцы Стары Дворац. На ім стаіць скульптура журботнай жанчыны.

Помнік са скульптурай воіна быў збудаваны ў вёсцы Эймінаўцы ў 1969 годзе. На мемарыяльнай пліце выбіты надпіс “1941 – 1945 гг. Аднавяскоўцам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Ён усталяваны ў гонар 56 землякоў.

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

З пачатку 2019 года Аграфірма “Стары Дворац” займаецца падрыхтоўкай шэрагу мерапрыемстваў да святкавання 75-й гадавіны вызвалення нашай краіны. Сярод іх – мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне сацыяльна-эканамічных умоў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прыраўнаваных да іх асоб. Будуць абследаваны сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця ветэранаў і членаў сем'яў ваеннаслужачых, загінулых у гады вайны, аказана дапамога, у тым ліку ў апрацоўцы прысядзібных участкаў.

Пярвічка ГА “БРСМ” аграфірмы сумесна з ДУА “Старадварэцкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-базавая школа” правядуць акцыі “Добрае сэрца – ветэранам!”, “Ветэран жыве побач”, “Мой падарунак ветэрану!” і іншыя, а таксама прымуць удзел у раённай эстафеце “Ад помніка да помніка”.

Ірына Вініцкая, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю