Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

Размер шрифта:    
Цветовая схема:           
Изображения:

Бацькоўскі дом – аснова асноў

Ад слова род, ад слова родны тваё высокае імя,
мая шляхетная Гародня, мая радзімая зямля.
Пакуль цячэ імклівы Нёман і будзяць раніцу званы, 
ты будзеш мне Бацькоўскім домам,
старонкай роднай даўніны.

Гэта радкі з верша майго земляка – Леаніда Пранчака. Так красамоўна ён сказаў пра Гродна, дзе я пражыла амаль палову свайго жыцця, і гэты горад стаў для мяне другой радзімай.

Імёны такіх знакамітых людзей як Леанід Пранчак, Аляксандр Бадак, Міхаіл Пташук і іншых маіх землякоў вядомы не толькі ў нашай краіне. Усе чулі прагожыя песні А.Саладухі, А.Ярмоленкі, Алесі, але не ўсе ведаюць, што словы многіх тэкстаў да іх напісаў А.Бадак. Звыш 200 вершаў Л.Пранчака пакладзены на музыку, і сярод іх выканаўцаў – ансамблі «Сябры» і «Песняры». А рэжысёрам вядомых фільмаў «Вазьму твой боль», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды», «У жніўні 44-га» з’яўляецца М.Пташук. І ўсе яны мае землякі з Ляхавіччыны!

Месца, дзе я нарадзілася і дзе прайшло маё дзяцінства, – вёска Ураджайная Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Мая малая Радзіма мае цікавую і вялікую гісторую. Сядзібны дом ва Ураджайнай, стары млын, сад з экзатычнымі дрэвамі… Мала хто ведае пра гаспадароў, якія калісьці пакінулі гэтыя мясціны. Іх радавод і імёны сёння памятаюць хіба што только мясцовыя старажылы і гісторыкі. Менавіта ў старажыл я некалі пацікавілася пра далёкую гісторыю сваёй вёскі, і пра самыя цікавыя эпізоды, а месцамі і камічныя, паведаю ў гэтым матэрыяле.

Філосаф і вучоны Фларыян Бохвіц у 1838 годзе набыў сядзібу ў Вошкаўцах (так называлася мая вёска раней). Яго сын, Ян Отан, атрымаўшы ў спадчыну гэтую мясцовасць, прадоўжыў фарміраванне сядзібы. Аднак самы вялікі ўклад у эканамічнае і культурнае жыццё ўнеслі ўнукі Фларыяна.

Некалі на месцы млына ў вёсцы Ураджайная была сыраварня. І рабілі там вельмі смачныя сыры. Ян Бохвіц меў добры прыбытак, бо такіх прадпрыемстваў было няшмат у канцы 19 стагоддзя. Хутка сядзіба ў Вошкаўцах перайшла ў рукі аднаго з сыноў Яна, які быў вельмі адукаваны (скончыў аж 4 універсітэты). Ён вырашыў, што сыраварню перабудуе на млын. Але ў яго не хапала сродкаў, і Бохвіц-малодшы падпісаў дагавор з ксяндзом, па якім увесь прыбытак дзяліўся пароўну. І ў 1920 годзе ў Вошкаўцах з’явіўся ветраны млын, на якім выраблялі муку высокай якасці. Пан разумеў, што сяляне не багатыя, таму замест грошай браў 5 працэнтаў зерня з таго, што прывозілі малоць. Забіраўшы з кожнага пакрыху, эканом вазіў муку на продаж па даволі высокай цане. Кажуць, што ў яўрэяў з Баранавіч Бохвіц вымяняў на муку шмат золата. Прыкладна з 1980 года на млыне пачалі вырабляць муку на корм жывёле. Яго мадэрнізавалі з ветранога на электрычны. І сёння многія жыхары вёсак раёна карыстаюцца ім.

Будынак Ураджайнінскай бальніцы, якая, на жаль, сёння не працуе, некалі быў сядзібным домам Бохвіцаў. Яшчэ сам Ян за домам пасадзіў вялікі сад, дзе амаль ні адно дрэва па віду не пераклікалася з другім. Калі сядзіба перайшла да сына, то сад, як і млын, стаў сродкам атрымання даходу. Бохвіц-малодшы вырашыў яго прадаць. Кажуць, што ён пайшоў да аднаго яўрэя і прапанаваў яму купіць «вельмі пладаносныя дрэвы» за добрую плату. Той згадзіўся. Тады Бохвіц пайшоў да другога яўрэя і крыху танней прадаў і яму той самы сад. Адзін «уладальнік» паставіў вартаўніка ў адным канцы сада, другі – у другім. Яны не звярталі ўвагі адзін на аднаго, бо лічылі што гэта сам пан паставіў свайго назіральніка сачыць, ці добра даглядаецца сад. Калі прыйшоў час збіраць ураджай, гаспадары зразумелі ўвесь падман. Але, не спрачаючыся, падзялілі сад  на дзве роўныя часткі. На жаль, сёння з экзатычных дрэў там захаваліся толькі некалькі яблынь і груш.

Яшчэ з канца 19 стагоддзя маю вёску і суседнюю, Флер’янова, аб’ядноўвае вялікая гісторыя. Там таксама захаваўся гістарычны помнік – Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль. Ян Отан Бохвіц пабудаваў на месцы сучаснай вёскі пансіянат, дзе жылі і адпачывалі прыезджыя госці. Яго сына, Тадэвуша, можна лічыць будаўніком таго палацава-паркавага комплексу, які часткова захаваўся да сённяшняга дня. Тадэвуш пасадзіў каля дома вялікі сад з фрукотовымі дрэвамі рэдкіх парод, прыгожыя кветнікі і ліпавыя алеі, якімі, дарэчы, вельмі захаплялася госця з Гродна – Эліза Ажэшка. Яна прыехала сюды ў 1908 годзе на летнія вакацыі, а засталася на год. Да гэтага часу каля сядзібы захаваўся дуб, пасаджаны пісьменніцай.

Праз некаторы час Тадэвуш пабудаваў вакол комплексу некалькі дамоў, дзе  маглі жыць не толькі госці, але і майстры, шаўцы, ткачы. Тканіна і адзенне, якое яны выраблялі, былі добрай якасці. Купцы прыязджалі з усяго наваколля. Весткі пра адмысловых майстроў з Вошкаўцаў і Флер’янова разляталіся хутка. Такім чынам, Тадэвуш Бохвіц не толькі пабудаваў новую вёску, але і аказаў уплыў на эстэтычны густ мясцовых людзей. Да нядаўняга часу ў сядзібным доме размяшчалася праўленне мясцовага калгаса, а сёння гэта музей, дзе нават праходзяць літаратурныя чытанні для школьнікаў і студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Я вельмі ганаруся тым, што нарадзілася ў такой мясцовасці, якая падаравала нам векавую гісторыю, таленавітых землякоў. Я вельмі люблю дом, дзе жывуць мае бацькі. З ім звязаны розныя моманты майго жыцця, якія рабілі мяне шчаслівай. Я часта бачу яго ў снах. А калі прыязджаю да бацькоў, то разумею, што радней на свеце няма нічога. Бо бацькоўскі дом – гэта аснова асноў фарміравання нашага характару, светапогляду. Тая атмасфера, што пануе ў хаце, з’яўляецца для мяне найлепшым псіхолагам, яна цудоўным чынам парадкуе думкі, уражанні, пачуцці і дорыць спакой, упэненасць у будучыню.

У год малой радзімы хачу пажадаць кожнаму ўспомніць свае карані, наведацца туды, дзе нарадзіліся, дзе прайшло ваша дзяцінства, і даведацца з любых крыніц які-небудзь новы для вас цікавы факт. Бо той, хто ведае гісторыю сваёй радзімы – духоўна багаты чалавек. А гэта сёння шмат чаго варта!

Ірына Вініцкая, спецыяліст по сувязях з грамадскасцю РУП "Гроднаэнерга"