Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

НАВАКОЛЛЮ НЯМНОЎСКАЯ ГЭС НЕ НАШКОДЗІЦЬ

Аляксандр Андрэеў, начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Для нашай краіны ГЭС — вельмі важныя аб’екты з пункту гледжання ўзнаўляльных крыніц энергіі. Нягледзячы на тое, што Беларусь раўнінная краіна і патэнцыял рэк у яе абмежаваны, будаўніцтва ГЭС, хоць і невялікай магутнасці, мэтазгоднае.

Гідраэнергетыка, як узнаўляльная крыніца энергіі, — адна з альтэрнатыў атаму. Па-першае, ГЭС мае асаблівасць — змяншаць ці, наадварот, павялічваць магутнасць рухавікоў, калі гэта неабходна, што складана рабіць на АЭС. Ды і пасля ўвядзення гідраэнергетычнага аб’екта ў эксплуатацыю амаль не выкарыстоўваюцца іншыя рэсурсы, акрамя самой вады. Атамная энергетыка ў гэтым плане больш затратная — для дзейнасці АЭС неабходна паліва, якое трэба закупляць, а потым адпрацаванае ўтылізаваць…

Думаю, што насельніцтва Гродзеншчыны ўбачыла карысць ад будаўніцтва Гродзенскай ГЭС. І не толькі дзякуючы недарагой узнаўляльнай электраэнергіі, але і з пункту гледжання рэкрэацыі. Вадасховішча, створанае ўздоўж рэчышча ракі, — выдатнае месца для адпачынку мясцовых жыхароў.

Натуральна, што ў выніку любой дзейнасці з’яўляюцца пэўныя негатыўныя наступствы. Але тут трэба параўноўваць ступені ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад розных крыніц. Так, напрыклад, пры размяшчэнні ў якасці альтэрнатывы Нямноўскай ГЭС цеплавой электрастанцыі аналагічнай магутнасці выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу будуць нашмат значнымі.

Асноўнае пытанне, якое хвалявала эколагаў, — затапленне і падтапленне тэрыторый. Вынікі экалагічнай экспертызы паказалі, што для прадухілення ці зніжэння магчымых уздзеянняў на кампаненты навакольнага асяроддзя неабходна правесці шэраг мерапрыемстваў: берагаўмацавальныя работы, перабудову камунікацый і збудаванняў, якія трапляюць у зону затаплення і падтаплення, будаўніцтва ахоўных дамбаў і помпавых станцый, а таксама перанос ліній электраперадач і каналізацыйнага калектара і г.д.

Магчымасць свабоднай міграцыі рыбы і наяўнасць водных шляхоў зносін — таксама немалаважныя пытанні, якія пакуль не вырашаны на Гродзенскай ГЭС. У праектнай дакументацыі як Гродзенскай, так і Нямноўскай ГЭС прадугледжана будаўніцтва водападводных і водаадводных каналаў і суднаходных шлюзаў, якія адначасова будуць і рыбапрапускнымі збудаваннямі. Міністэрствам гэтыя пытанні былі пастаўлены перад праекціроўшчыкамі. І наступным этапам рэалізацыі праекта павінна стаць будаўніцтва гэтых аб’ектаў. Але пакуль на Каўнаскай ГЭС, якая стварыла перашкоду для міграцыі рыб з Балтыкі, не будуць пабудаваны рыбаправодныя збудаванні, сітуацыя не зменіцца нават пры наяўнасці падобных аб’ектаў у Беларусі. Таму сэнсу ў гэтым будаўніцтве пакуль я не бачу.

Увогуле, вынікі дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праведзенай у 2010 годзе, паказалі, што для паляпшэння сітуацыі пры будаўніцтве ГЭС неабходна ўвасобіць у жыццё шэраг мерапрыемстваў. У прыватнасці, перасадку ахоўваемых раслін, мерапрыемствы па ахове рэдкіх відаў водных і каляводных раслін, максімальным захаванні месцаў гнездавання ахоўваемых відаў птушак, прадухіленні заглейвання вадасховішча, арганізацыі маніторынгу створанага гідратэхнічнага аб’екта ў якасці элемента кантролю за станам навакольнага асяроддзя з улікам магчымага трансмежнага ўздзеяння Нямноўскай ГЭС і інш.

Усе нашы рэкамендацыі былі выкананы. З нашай высновай, што будаўніцтва Нямноўскай ГЭС не зробіць сур’ёзнай шкоды навакольнаму асяроддзю, у тым ліку і ў трансгранічным кантэксце, пагадзіўся і літоўскі бок.

29 января 2015 / Вераніка КОЛАСАВА / газета «Звязда»