Сделаем жизнь светлее и теплее

карта сайта

АДНОЎЛЕНЫ “БІЗОН” – НА ПАЛЯХ АГРАФІРМЫ “СТАРЫ ДВОРАЦ”

Масавая ўборка збожжавых на Бераставіччыне працягваецца. Кіпіць работа на ўрадлівай хлебнай ніве, магутныя машыны адвозяць каштоўны груз на зернесушыльныя комплексы. Уборка рапса ўжо завяршылася, а зараз ва ўсіх гаспадарках стараюцца напоўніць своечасова падрыхтаваныя засекі “залатым запасам”. З кожным днём цяжэе жніўная скарбонка земляробаў. А ў аграфірме “Стары Дворац” на полі прыцягвае вока незвычайны камбайн яркага блакітнага колеру. Польскія “Бізоны” ўжо сталі рэдкасцю, яны саступілі месца новым імпартным і айчынным прыгажунам. Але і гэты 15-гадовы камбайн упэўнена рухаецца па шырокім полі сярод спелага буйнага калосся. А паклапаціўся пра тое, каб тэхніка была, як новенькая, загадчык майстэрні Аляксей Гук (на здымку). Зараз ён і сам сеў за штурвал камбайна, на жніве сёмы сезон. Гэты інжынер і фанат сваёй справы закончыў сельгасакадэмію ў Горках, любіць тэхніку і выдатна разбіраецца ў ёй. Гутарыў Аляксей са мной літаральна некалькі хвілін, бо чакаў яго “Бізон”.

– Шмат было з ім праблем, прыйшлося замяніць нямала запчастак, але затое “старажыл” нас зараз не падвядзе, — сказаў капітан васільковага карабля. – А ўсяго ў нас 8 камбайнаў, да жніва падрыхтавалі іх усе.

На жаль, няма ў “Бізоне” кандыцыянера, як у сучаснай энерганасычанай тэхніцы, таму ў спёку прыходзіцца старшаму камбайнеру з памочнікам вельмі нялёгка. Удалага ім жніва, высокіх намалотаў, добрых заробкаў!
***

Ход уборкі

Рапс на Бераставіччыне закончылі ўбіраць 21 ліпеня. А збожжавых і зернебабовых на 24 ліпеня па раёне ўбралі амаль трэць ад запланаванага. Наперадзе СВК “Алекшыцы” – 43 працэнты, “Макараўцы” – 42, “Малабераставіцкі элітгас” – 37, аграфірма “Стары Дворац” – 33 працэнты.

25 ліпеня / Ніна Наддэ / газета «Бераставіцкая газета”